11 июля 2018

Плануй сваю будучыню!

«Грошы нібы вада», – скардзімся мы, заглядваючы ў свае кашалькі. Мы тлумачым іх нястачу чым заўгодна: ростам цэн, малымі зарплатамі, інфляцыяй. Але пры гэтым вельмі рэдка задумваемся: а наколькі рацыянальна трацім сродкі, ці ўсё нашы выдаткі мэтазгодныя і апраўданыя?

Для павышэння фінансавай пісьменнасці насельніцтва 10-11 ліпеня ў Кобрынскім Палацы культуры быў праведзены навучальны семінар-трэнінг «Плануй сваю будучыню». Мерапрыемства наведалі ўладальнікі фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак, члены іх сем'яў, індывідуальныя прадпрымальнікі, студэнты, актывісты Кобрынскай РА ГА «БРСМ». Масава быў задзейнічаны ў мерапрыемстве перспектыўны актыў РА РГА «Белая Русь» на чале з яе старшынёй Раманам Мельнікам.

На пачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіў начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб па Брэсцкай вобласці Міхаіл Салтанюк, які паведаміў прысутным аб тых відах дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Ад імя арганізатараў удзельнікаў павітаў старшыня праўлення Рэспубліканскага мікрафінансавага Цэнтра Ігар Мікульчык і распавёў, што семінар праводзіцца ў рамках праекта «Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Рэспублікі Беларусь», які рэалізуецца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). На працягу двух дзён з кабрынчанамі працавалі дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва ТДА «Брэсцкі абласны цэнтр садзейнічання малому бізнесу» Уладзімір Мазалаў і член савета грамадскага аб’яднання «Брэсцкі саюз прадпрымальнікаў» «Садзейнічанне» Аляксандр Зінкевіч.

Праграма навучальнага семінара ўключала такія пытанні як кіраванне асабістым і сямейным бюджэтам, паняцці расходаў і даходаў, «выкрадальнікаў» грашовых сродкаў, інструменты зберажэнняў, сучасныя крыніцы фінансавага назапашвання і асаблівасці крэдытавання, кіраванне сезоннасцю грашовых расходаў і паступленняў. Акрамя гэтага былі разгледжаны пытанні арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і самазанятасці як дадатковай крыніцы фінансавага дабрабыту.

Семінар-трэнінг прайшоў ў выглядзе інтэрактыўнай гульні, дзе удзельнікі стваралі «сем'і», планавалі выдаткі, разлічвалі даходы, ставілі перад сабой фінансавыя мэты і складалі план для іх ажыццяўлення. На думку прысутных, мерапрыемства уяўляе цікавасць для любога чалавека, бо ўсе мы маем справу з грашыма і ўласная фінансавая пісьменнасць – добры спосаб палепшыць свой дабрабыт.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2007 - 2018 
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*