11 июня 2018

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна

18 Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2018”, прысвечаны Году малой радзімы, прайшоў 8 і 9 чэрвеня.

Адкрыўся фестываль у Летнім амфітэатры канцэртам “Мелодыя лёсу”, прысвечаным 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Міхаіл Фінберг. У гэты ж дзень былі названы пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які нязменна выклікае вялікую цікавасць.

У другі фестывальны дзень адбылася сусрэча з народнай артысткай Наталляй Гайда, якая прайшла ў рамках праекта “Асобы эпохі”. Для прыхільнікаў Мельпамены артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паказалі спектакль “Карьера доктара Рауса”. Гэта “гістарычна недакладная трагікамедыя” па п’есе вядомага літаратара і драматурга Віктара Марціновіча пра чалавека, які нарадзіўся раней сваёй эпохі, і імя яго – Францыск Скарына.

У гэты ж дзень працавала музычна-паэтычная гасцёўня “Малая радзіма – пачатак мой і выток” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі. У выставачнай зале Палаца культуры адкрылася выстава “Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету”, творчыя работы ўдзельнікаў мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”.

9 чэрвеня адбыўся гала-канцэрт закрыцця фестывалю “Маладзечанскі зарапад” – канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

На працягу двух дзён актывісты Маладзечанскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” забяспечывалі работу тэматычных пляцовак: “АРТ старт”, “Дзіцячая прастора” - гульнёва-забаўляльная пляцоўка, “Мастацкі пленэр”, “Фестывальная талака”.

Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2007 - 2018 
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*