11 июня 2018

«Viva РОВАР» – з «Белай Руссю»!

Маштабны фестываль “Viva РОВАР – 2018» сабраў у мінулую нядзелю прыхільнікаў веласіпедаў з Кобрыншчыны, Брэста і Польшчы. Актыўны ўдзел у фестывалі, які прайшоў на цэнтральнай плошчы Кобрына ў рамках Дзён энергіі, прыняла Кобрынская РА РГА “Белая Русь” на чале з яе старшынёй Раманам Мельнікам.

- Гэта не проста згуртаванне аматараў веласіпедаў – гэта сапраўднае свята, падчас якога аматары здаровага ладу жыцця Кобрыншчыны кансалідуюцца, дзеляцца сваімі эмоцыямі, весела і карысна праводзяць час, – адзначыў Раман Мельнік. – Сёлета колькасць удзельнікаў значна большая, чым была ў мінулым годзе – значыць, веласіпедны рух у нашым горадзе развіваецца, і ўсё больш кабрынчан абіраюць для сябе здаровы лад жыцця.

Словы гэтыя старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” пацвердзіў на ўласным прыкладзе – Раман Васільевіч асабіста прыняў удзел у велапарадзе па цэнтральных вуліцах Кобрына, правез на сваім ровары сцяг “Белай Русі”, пагутарыў з гасцямі з Польшчы і Брэста. Ён заўважыў, што кабрынчане ўспрынялі імпрэзу з вялікім энтузіязмам, на які не паўплываў нават той факт, што падчас параду быў абмежаваны рух транспарту. Людзі ветліва махалі рукамі, віталі ўдзельнікаў бадзёрымі крыкамі і актыўна здымалі відовішчную калону на смартфоны.

Да велафестываля кабрынчане падышлі з фантазіяй і энтузіазмам – у конкурсах прынялі ўдзел як вельмі яркія веласіпедысты, так і незвычайныя веласіпеды, выдатны камандны дух прадэманстравалі калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і цэлыя сем’і кабрынчан і гасцей горада. Узнагароды і падарункі ад спонсараў, якімі сталі Кобрынская РА РГА “Белая Русь”, Кобрынскі РК ГА “БРСМ”, рэдакцыя газеты “Кобрынскі веснік”, СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынскі МСЗ”, РФАУ “Атлант”, “Піцца Італьяна”, “Белдзяржстрах” і парк імя А.В. Суворава, знайшлі ўладальнікаў лепшых касцюмаў, самых цікавых веласіпедаў, пераможцаў шматлікіх спаборніцтваў, аўтараў лепшых малюнкаў на веласіпедную тэматыку, а таксама самых маленькіх і самых сталых веласіпедыстаў. А галоўным падарункам стаў выдатны настрой фестываля - які, мы ўпэўнены, яшчэ не раз збярэ пад свае сцягі велааматараў нашай Кобрыншчыны.

Дзмітрый БЯЛОЎ, прэс-сакратар Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”

Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2007 - 2018 
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*