20 октября 2017

Работа победителей конкурса «Золото перо «Белой Руси» - в газете «Витебские вести»

17 октября в очередном номере газеты «Витебские вести» была напечатана работа победителей республиканского этапа конкурса «Золотое перо «Белой Руси» в номинации «Беларусь глазами детей» Никиты Хрола и Снаровой Валерии.


Нажмите для увеличения

Предлагаем Вашему вниманию их работу.

Сем пялёсткаў васілька: Віцебск вачамі падлеткаў…

Закружы нас, васільковая мяцеліца, зачаруй віцебскімі казкамі і легендамі, падары нам мары і надзеі…

Мы, Мікіта і Валерыя – звычайныя віцебскія падлеткі, раскажам вам пра родны горад і падорым на шчасце сіні агеньчык – васілёк.

Мікіта:

– Ляці, ляці, першы пялёстак васілька. Намалюй нам краявіды любімага старажытнага Віцебска.

Стары Віцебск, восеньскія мроі… Давай прысядзем на лаўку ў невялікім скверыку. Плывуць у паветры карункі срэбнага празрыстага лісця старых клёнаў, вязаў і ліп. Ужо неспякотнае, стомленае сонца ляніва жмурыць вочы. Заціхае няўрымслівы ветрык, мабыць, стаміўся. Нехта пакінуў на лаўцы газету, і цікаўны ветрык павольна перагортвае старонкі, нібыта чытае друкаваныя радкі.

Струменьчык фантанчыка без перапынку выводзіць простую мелодыю, бягуць па вадзе кругі, складаючыся ў мудрагелістыя ўзоры. Першы восеньскі лісток паплыў караблікам з пунсовым ветразем па воднай роўнядзі.

Па-восеньску ціха гучаць крокі прахожых. Прайшла кампанія падлеткаў, дзве жанчыны пракрочылі (нешта цікавае абмяркоўваюць), маці вядзе за рукі дзетак, пажылая пара павольна ўладкоўваецца на лаўцы. Паглядзі на іх: добрыя твары і ласкавыя вочы, яны ўсміхаюцца адзін аднаму і моўчкі сядзяць; навошта словы, калі і так цёпла, утульна і спокойна разам. Адпачыўшы, старыя ўстаюць і неспяшаючыся ідуць па дарожцы. Яны трымаюцца за рукі, так, мабыць, прайшлі разам усё жыццё.

Вечар… Вось ужо запаліліся ліхтары, стары горад засынае і будзе плыць па зорных снах, калыхацца на месяцовых хвалях усю ноч…

Валерыя:

– Адпусці ў нябёсы і другі пялёстак васілька.

Час у старым горадзе нібы запаволіў свой ход. Бачыш, вунь там, над дахамі ў бэзавым небе, можна разглядзець цені закаханых і анёлаў. Толькі ў Віцебску не дзейнічае закон сусветнага прыцягнення – каханне, пяшчота, мара, летуценне адрываюць шчаслівых ад грэшнай зямлі.

Чуеш, здаецца, сумна гучыць старая скрыпка. Аб чым твой смутак, музыкант? Ці то аб мінулым ты шкадуеш, ці то згубіў нешта, ці то не паспеў зрабіць? Мелодыя праз час усё плыве і плыве над горадам, кранае душу і сэрца.

А цяпер паглядзі наперад. Адправіўся ад прыпынку ў сваё вечнае падарожжа віцебскі трамвайчык. Рассыпае звон чырвоны вагончык, гамоняць пасажыры, мільгаюць за вокнамі дрэвы, дамы, вуліцы. Спыніцца трамвайчык, разбягуцца па сваіх справах людзі, мы сядзем у вагон і пакацім па любімым горадзе…

Мікіта:

– Ляці, ляці, трэці пялёстак васілька. Вось стары дом на ўскраіне горада і ціхі дворык, у якім я жыву. Гэта мой прытулак, маё сэрца, мая душа…

Я табе раскажу пра сваіх суседзяў…Жыве на першым паверсе дзядуля па мянушцы Мічурын. Лічаць яго дзіваком – з вясны да восені дзядуля ў палісадніку корпаецца ў зямлі. Усе бягуць міма, нічога не заўважаюць. А палісаднік тым часам выбухне раптам колерам і водарам. Пацягнуцца да сонейка першацветы, зачаруюць і завабяць лілеі, закружыць галаву бэз, звесяцца з галін цяжкія духмяныя суквецці каліны, заружавее шыпшыннік, зорачкамі ўспыхнуць хрызантэмы. Нешта такое дзіўнае ведае дзядуля, хітра пакручвае вус, прыплюшчвае вока, усміхаецца ўсімі маршчынкамі. Не кожны можа столькі радасці людзям падарыць.

На другім паверсе жывуць тры бабулі. Кожны вечар улетку ўладкоўваюцца яны на лаўцы, каб абмеркаваць навіны сусветнага і мясцовага маштабу... Зноў неспакойна ў свеце... Заўтра паштальёнка Філіпаўна прынясе пенсію... Трэба ўнукаў цукеркамі пабалаваць… Вунь Пеця з трэцяга паверху на спатканне пайшоў... Жаніх...

Яшчэ жывуць у пад'ездзе лепшыя мае сябры – Шурка, Сенька і Волечка. Разам мы і ў школу, і дадому, і на двор, і ў кіно, і на рэчку. Разам гуляем, вучымся, марым, разважаем, спрачаемся, абмяркоўваем, часам і пасварымся, і памірымся. Такіх сяброў яшчэ пашукаць…

І ты, Лера, таксама раскажы пра свой двор.

Валерыя:

– Ляці, ляці, чацвёрты пялёстак васілька, і даляці да майго двара. Я жыву ў новым мікрараёне. Там дамы цягнуцца да самых зорак. Кожны вечар гараць вокны цёплым і ўтульным святлом, змораныя людзі вяртаюцца дадому, дзе іх чакаюць, хвалююцца, сустракаюць.

У нашым раёне шмат маладых сем'яў, шмат дзетак. Хто ў садок, хто ў школу. Звіняць двары яркімі дзіцячымі галасамі, узлятаюць у неба крылатыя арэлі, скачуць па асфальце вясёлыя мячы. Нават зімой у нас не холадна – ружавеюць шчокі, зіхацяць вочкі…Хто на санках, хто на каньках…

У нашым пад'ездзе жывуць і настаўнікі, і выхавальнікі, і міліцыянеры, і будаўнікі, і шафёры, і рабочыя – усе цікавыя і добрыя людзі. У кожнай сям'і свае радасці і клопаты. Суседзі зверху купілі новую пінскую мэблю, суседзі знізу ездзілі адпачываць на Чорнае мора. У маладой сям'і з шостага паверха нарадзіліся тры дзяўчынкі-блізняткі– Вера, Надзея, Любоў. Гэта радасць для ўсіх. Калі мамачка вязе па двары каляску, усе суседзі з цёплымі ўсмешкамі вітаюць шчаслівае сямейства. Расціце, дзяўчаткі, радуйце мамачку і татачку, дарыце свету веру, надзею і любоў.

Таксама ў мяне з'явіліся новыя сяброўкі – Насця і Даша. Такіх сябровак яшчэ пашукаць…

Давай, Мікіта, працягнем падарожжа па Віцебску…

Мікіта:

– Паляціць над Дзвіною пяты пялёстак, панясе яго хваля аж да самага мора.

Давай пагуляем па набярэжнай, не спяшаючыся пройдзем ад плошчы 1000-годдзя Віцебска да плошчы Перамогі. Ні на хвіліну не спыняе свой хуткі бег рака.

Цёмная вада шмат стагоддзяў адлюстроўвала сонца, месяц і зоркі, купала галінкі прыбярэжных дрэў, білася ў высокія берагі і аднойчы вынесла каля Лысай гары ладдзю княгіні Вольгі, пачаўшы гісторыю дзіўнага горада. Плывуць па вадзе крыжы Успенскага сабора, паракінуліся з берага на бераг магутныя масты, зіхацяць у хвалях агні начных ліхтароў.

Колькі захадаў бачыла Дзвіна, колькі выпускнікоў сустракалі світанкі на высокім беразе. І мы з табой праз тры гады прыйдзем сюды, каб загадаць жаданне на шчаслівую будучыню.

Нядаўна была навальніца, прайшоў дождж, а пасля дажджу абавязкова бывае вясёлка. Бачыш, яна дугой працягнулася над Дзвіною, адным канцом стоячы ў вадзе, а другім сыходзячы за далягляд. Прабегчыся б па вясёлцы, сесці б на самай верхавіне і ахапіць вокам увесь горад…

Валерыя:

– Хай ляціць і шосты пялёстак. Ён мільгатне сіняй зорачкай і знікне ў полымі Вечнага агню. Мы на плошчы Перамогі, у самым сэрцы горада. Нячутнымі крокамі ўзнімемся па лесвіцы, падыдзем да святога месца.

Дыхае цяплом залатое полымя, узнімаюцца ў неба тры штыкі – сімвал нашай перамогі, мужнасці, славы, наш гонар і памяць. Неба, высокае, блакітнае, спакойнае пасля дажджу, заве і хвалюе. І кожны штык быццам плыве ў паветры – гэта сіла без страху, абарона без пагрозы. Мы пакладзём кветкі ля агню, пастаім, памаўчым, падумаем.

Майскія зоры паклічуць на плошчу ўсіх віцябчан – тут сіла, жыццё, душа нашага горада. Будуць расцвітаць у вячэрнім небе яркія пошугі салюту, чырванню палыхнуць цюльпаны, прагучаць заклікам да міру і шчасця песні Перамогі. Ты ўбачыш, як прыйдзе да Вечнага агню сівы ветэран з праўнукам. Дзіцячая далонь будзе ляжаць у моцнай маршчыністай руцэ, мужчыны моўчкі пастаяць, схіляць галовы ў знак пашаны да загінуўшых і ціха пойдуць назад…

Мікіта:

– А апошні, сёмы, пялёстак васілька мы аддадзім табе, наш госць, хай гарыць ён трапяткім агеньчыкам у тваіх далонях.

Глядзі, Лера, зноў пачынаецца сярэбраны віцебскі ліпеньскі лівень, вось ужо вецер паляцеў высока ў небе, зажартаваў з прахожымі, стаў скідваць з галоў капялюшы, ірваць з рук парасоны. Не хвалюйся, дождж хутка пройдзе...

Адправіцца ад вакзала цягнік, растане ў паветры лёгкі дымок, мы доўга будзем стаяць на пероне і махаць услед. Стане крыху сумна...

Мы будзем збіраць і берагчы ў сваім сэрцы ўсе імгненні вялікага жыцця роднага горада: твары і лёсы людзей, знаёмых і незнаёмых, сустрэчы і расстанні, падзеі і краявіды. Ляціце, ляціце, чароўныя пялёсткі васілька…Закружы нас, васільковая мяцеліца, зачаруй віцебскімі казкамі і легендамі, дажджамі і вясёлкамі, ліпамі і вязамі, зоркамі і небам, падары нам мары і надзеі…


Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2008 - 2017
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*