11 августа 2017

Учора — інтэрны, сёння — урачы

Ва ўстанову аховы здароўя "Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца" прыехала 15 маладых спецыялістаў — 8 урачоў і 7 медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй. Рады медыкаў раёна папоўнілі акушэр-гінеколаг, два анестэзіёлагі-рэаніматолагі, два ўчастковыя тэрапеўты, псіхатэрапеўт, два псіхіятры-нарколагі, а таксама прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага звяна — тры фельчары выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, тры медыцынскія сястры, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Маладосць лічыцца самым цудоўным перыядам у жыцці: чалавек поўны сіл і энергіі, і яму любая справа па плячу. Як важна, калі юнак ці дзяўчына робяць першыя крокі ў самастойнае жыццё, іх падтрымаюць добрым словам, падставіць плячо ў складанай сітуацыі. Карэліцкія медыкі гэта добра разумеюць і дапамагаюць маладым калегам прыжыцца ў працоўных калектывах, пазнаёміцца з прафесійнымі абавязкамі, перадаюць навыкі ўмення ладзіць з людзьмі.

Акушэра-гінеколага Андрэя Вітальевіча Швайкоўскага ўзрадавала прапанова галоўнага ўрача Алены Паўлаўны Майсак аб прадастаўленні рабочага месца не толькі для яго, але і жонцы Алене Уладзіміраўне, анестэзіёлагу-рэаніматолагу па спецыяльнасці. Маладая сям'я прыехала працаваць на Карэліччыну разам, і медыкі задаволены сваімі першымі працоўнымі буднямі. Як адзначаў Андрэй Вітальевіч, яго захапляе высокі прафесіяналізм калег па працы і ён удзячны за падтрымку загадчыцы акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Ганне Аляксандраўне Жарскай, акушэру-гінеколагу Андрэю Мечыслававічу Хлістоўскаму, медыцынскай сястры Вользе Іванаўне Яхант.

Сваёй адчувае сябе ў калектыве і фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Іванаўна Скварада. Яе маленькая радзіма — вёска Ракевічы Навагрудскага раёна. Раней даводзілася бываць на Карэліччыне, таму зараз адчувае сябе камфортна. Лепш пазнаёміцца з Карэліцкім краем і яго людзьмі дапамагаюць выезды па выкліках. Ужо давялося пабываць у многіх населеных пунктах раёна. Фельчар любіць сваю прафесію, медыцына ў іх — сямейнае: дзядуля і бабуля працавалі медыкамі, а дваюрадны брат таксама фельчар. Малады спецыяліст плануе звязаць жыццё з Карэліччынай — ёй тут падабаецца жыць і працаваць.

Арцём Уладзіміравіч Варава з вёскі Баранавічы. Юнак закончыў Слонімскае дзяржаўнае медыцынскае вучылішча і зараз працуе ў хірургічным кабінеце райпаліклінікі. Работа падабаецца, кожны дзень прыносіць штосьці новае, ад старэйшых калег вучыцца прафесійным навыкам абранай прафесіі.

Леанід Іосіфавіч Новік — урач псіхатэрапеўт. Аказвае дапамогу пацыентам з неўратычнымі і паводзінавымі расстройствамі — дапамагае ў стрэсавых сітуацыях, іншых выпадках. "Трэба не саромецца звяртацца за дапамогай да псіхатэрапеўта, асноўная функцыя нашай службы — дапамагчы людзям быць шчаслівымі", — адзначае Леанід Іосіфавіч. Яму, ураджэнцу горада Гродна, жыццё ў раённым цэнтры падалося спакойным і размераным. Урач спадзяецца, што набытым ведам у медыцынскім універсітэце знойдзецца прымяненне на практыцы — ён гатовы дапамагаць людзям у складаных жыццёвых сітуацыях.

На Карэліччыне маладых медыкаў прынялі добразычліва, прадаставілі работу па спецыяльнасці, пакоі ў інтэрнатах для пражывання, дзе створаны належныя ўмовы. У рамках акцыі "Малады спецыяліст" старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" Руслан Юр'евіч Абрамчык падарыў маладым медыкам дзве электрапліткі, якімі яны будуць карыстацца на інтэрнатскай кухні.

Здароўе — найкаштоўнейшы дар. Здаровы чалавек, як вядома, самы шчаслівы. Быць на варце здароўя людзей закліканы медыкі — няхай у маладых спецыялістаў усё і заўсёды атрымліваецца.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2008 - 2017
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*