13 июля 2017

Сустрэча з надзеяй на перспектыву

Як мы ўжо расказвалі нашым чытачам, у сакавіку бягучага года прадстаўнічая дэлегацыя Лодзінскага ваяводства, аднаго з цэнтральных рэгіёнаў Рэспублікі Польшча, наведала Віцебшчыну ў рамках дзе­лавога візіту па развіцці супрацоўніцтва. Для Ушаччыны гэтае мерапрыемства таксама стала знакавым. Услед за ўстанаўленнем кантактаў з Плявіньскім краем Латвіі пратакол аб намерах супрацоўніцтва з нашым раёнам падпісала і адміністрацыя Тамашоўскага павета.

І вось ад сухіх “папяровых” дамоўленасцей бакі перайшлі да непасрэднага знаёмства са сваімі новымі пабрацімамі. Днямі на Ушаччыну завітала дэлегацыя Тамашоўскага павету ў складзе віцэ-старасты Барбары Робак і намесніка дырэктара адной з навучальных устаноў гэтага краю Камілы Масенжнік. Як пазней прызнаюцца замежныя госці, гэты візіт стаў для іх сапраўдным святам. І не толькі таму, што суправаджаўся ўдзелам ва ўрачыстасці да Дня Незалежнасці і іншых яркіх мерапрыемствах – наш раён і ўвогуле краіна пакінулі надзвычай станоўчыя ўражанні.

“У вас моцныя традыцыі
і правільныя ідэалы”

Пра гэта казала Б.Робак у сваім вітальным слове да ўшачан падчас мітынгу на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, а пазней у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. У Тамашоўскім павеце таксама ёсць даўнія традыцыі, вядзецца работа па выхаванні ў маладога пакалення годнага стаўлення да памяці продкаў, але робіцца гэта ўсё ж больш сціпла. “Нягледзячы на недасканалае веданне беларускай і рускай моў, усё, што адбывалася і гучала на ўрачыстасці на “Прарыве”, зразумела сэрцам…”, – ледзь стрымліваючы слёзы, прызналася расчуленая Б.Робак. Зрэшты, і для саміх ушачан прысутнасць на мерапрыемстве замежных гасцей каштавала многага. Свята атрымалася ў многім асаблівым і знакавым.

Здабыткі – ушацкія,
узровень – еўрапейскі

За тры дні знаходжання ва Ушацкім раёне замежныя госці не пераставалі здзіўляцца. Падчас афіцыйнай сустрэчы са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні Ушацкай раённай арганізаціі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” В.М.Захарэнка яны шмат даведаліся пра наш рэгіён, багаты не толькі прыродай, але і гістарычнымі помнікамі, вядомымі людзьмі. Уладзімір Генадзьевіч расказаў пра перспектывы развіцця Ушаччыны і прапанаваў гасцям некалькі накірункаў для супрацоўніцтва.

Адзін з іх – у сферы адукацыі. Дарэчы, менавіта гэтую “галіну” курыруе ў сваім павеце віцэ-стараста Б.Робак. Як яна адзначыла, агульнага ў нас пакуль нямнога. У польскіх школах акцэнт робіцца найперш на набыццё вучнямі пэўнай спецыяльнасці, а паміж навучальнымі ўстановамі часта вядзецца “барацьба” за дзяцей. У нас жа адукацыйны працэс удала спалучаецца з работай па патрыятычным выхаванні школьнікаў, экалагічным, інавацыйным і іншых напрамках, што пацвердзіла наведанне ясляў-сада №4 г.п.Ушачы, Арэхаўскай і Ушацкай сярэдніх школ. “Галоўнае, што я зразумела, – у вас з дзяцінства вучаць любіць Радзіму, што найбольш каштоўна, – сказала К.Масенжнік. – Калі вярнуся, у сваёй школе раскажу менавіта пра гэта”.

Пазней польская дэлегацыя наведала раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе для гасцей быў падрыхтаваны спецыяльны канцэрт, наладжаны выставы лепшых майстроў Ушаччыны. Прыемна ўразілі польскіх гасцей умовы вытворчасці на нашым агароднінасушыльным заводзе, адпачынку і аздараўлення ў санаторыі “Лясныя азёры”, а таксама маштабы будаўніцтва на фізкультурна-аздараўленчым комплексе. “Бываючы ў розных еўрапейскіх краінах, не так часта даводзілася бачыць штосьці падобнае, – аглядаючы новабудоўлю, адзначыла Б.Робак. – І знешні выгляд будынка, і яго “начынка” – на самым высокім узроўні. Можна толькі пазайздросціць ушачанам і гасцям гарпасёлка, якія хутка прыйдуць сюды, каб умацаваць здароўе і выдатна правесці час”.

“Адкрылі для нас краіну”

“Па каналах сродкаў масавай інфармацыі пра Беларусь гавораць рознае, на жаль, не заўсёды станоўчае, – падводзілі вынікі свайго візіту ў рэспубліку і наш раён госці з Польшчы. – Прызнаемся, ехалі сюды з насцярожанасцю. І дарэмна! Настолькі гасціннага і міралюбівага краю яшчэ не бачылі! Вы любіце сваю краіну, паважліва адносіцеся да яе кіраўніцтва, многае робіце па навядзенні парадку на зямлі. Ну а выхаванасці грама­дзян, іх культуры можна толькі пазайздросціць. Цяпер разумеем палітыку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, накіраваную на адкрытасць. Гэта як раз той выпадак, калі лепш адзін раз убачыць…”

* * *

Наступным крокам у збліжэнні Ушацкага раёна і Тамашоўскага павета Лодзінскага ваяводства стане плануемы ўдзел нашай дэлегацыі ў мерапрыемствах Свята Ураджаю, знакавай ў Польшчы падзеі. Тады ж бакі маюць намер падпісаць дакументы, накіраваныя на супрацоўніцтва ў галінах культуры, адукацыі і іншых.

Раённыя ўлады, як і дзяржава ўцэлым, нада­юць вялікую ўвагу наладжванню прамых кантактаў з асобнымі рэгіёнамі суседніх краін. Супрацоўніцтва і абмен вопытам – гэта рэальная магчымасць пашырэння рынку, прыцягнення інвестыцый, капіталу ў эканоміку раёна, яго развіццё.


Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2008 - 2017
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*