09 июня 2017

Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь

Сёння арганізацыя аб’ядноўвае тысячы вядомых, таленавітых, актыўных людзей: артыстаў, акцёраў, навукоўцаў, рабочых па ўсёй краіне. Стаўка зараз на ўмацаванне пярвічных арганізацый, актывізацыю работы на месцах: у раёнах, на прадпрыемствах. Аб гэтым, у прыватнасці, гаварылі і на IV справаздачна-выбарнай канферэнцыі Івацэвіцкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якая праходзіла 30 мая ў малой зале Івацэвіцкага ГДК. Мерапрыемства сабрала больш за 40 дэлегатаў з усяго раёна, сярод іх – прадстаўнікі ўлады, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, кіраўнікі прадпрыемстваў…

Прысутных вітаў старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі, дырэктар ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН” Дзяніс Пакалюк. І перш чым прагучаў даклад лідара арганізацыі, быў абраны прэзідыўм канферэнцыі, у склад якога, акрамя Дзяніса Пакалюка, увайшлі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, галоўны спецыяліст Раённага Савета дэпутатаў Алена Бонда, старшыня Косаўскага гарвыканкама Марыя Люндышава і галоўны ўрач УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Васілій Юзэфовіч. Даклад Дзяніс Пакалюк прысвяціў не толькі справаздачнаму перыяду, з лістапада 2014 па красавік 2017 года, а ўсяму перыяду існавання арганізацыі, а гэта багаж даўжынёй у дзевяць гадоў. Яшчэ адна важная задача канферэнцыі – вызначыць перспектывы далейшага развіцця аб’яднання. Дзяніс Валер’евіч адразу прапанаваў прысутным, каб пасяджэнне пераўтварылася ў вялікую дыскусію, і прапанова была прынятая.

– У аснове нашай дзейнасці была і застаецца падтрымка існуючай улады і курсу, па якім рухаецца дзяржава, – гаварыў Дзяніс Пакалюк. – Наш дэвіз застаецца нязменным –“Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь” і “Белая Русь” выступае як апора ўлады на шляху да гэтай мэты. У тым ёсць заслуга і Івацэвіцкай раённай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 35 пярвічных арганізацый і 640 найбольш актыўных і ініцыятыўных грамадзян раёна. З лістапада 2014 года наша каманда ўжо павялічылася на 90 чалавек (гэта 16 працэнтаў ад агульнай колькасці членаў), і мы будзем прырастаць цікавымі і актыўнымі людзьмі і надалей. Работа арганізацыі высока ацэненая Прэзідэнтам краіны, добра праявілі сябе актывісты “Белай Русі” падчас выбарчых кампаній: па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання ў 2016. Мы ўдзельнічаем у выбарах у якасці членаў участковых выбарчых, раённых камісій, назіральнікаў на ўчастках, актывісты ўваходзілі ў склад ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты. Зборшчыкі подпісаў, агітатары, давераныя асобы – самыя розныя важныя ролі выконвалі нашы актывісты. 26 самых актыўных памочнікаў з ліку нашых пярвічак былі адзначаныя грашовымі прэміямі. Праз шматлікія акцыі і мерапрыемствы, удзел у важных дзяржаўных падзеях паступова арганізацыя выяўляе актыўных і таленавітых людзей і дапамагае ім развівацца, а таму паступова становіцца “кузняй кадраў”, – адзначыў лідар раённай арганізацыі.

Далей Дзяніс Валер’евіч адзначыў, што ядром арганізацыі былі і застаюцца пярвічныя арганізацыі, толькі іх актыўная дзейнасць дае жыццё “Белай Русі” як грамадскаму аб’яднанню. Гучалі ў дакладзе і планы на бягучы год. У Год навукі арганізацыя будзе выяўляць таленты і дапамагаць навукоўцам і творчым людзям даваць жыццё цікавым ініцыятывам.

Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – сацыяльна-значныя акцыі. За два з паловай гады на іх выдаткавана каля 6,5 тысячы рублёў. І важна тое, што гэта асабісты ўклад кожнага члена арганізацыі. Праз узносы актывісты РГА “Белая Русь” прымаюць удзел у акцыях: “Белая Русь” – за незалежную, моцную і квітнеючую Беларусь”, “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей”, “Белая Русь” – за здаровую нацыю”, “Белая Русь” – з прафесіяналамі”…

Асобную падзяку Дзяніс Пакалюк выказаў самым актыўным пярвічкам раёна, і пачаў з актывістаў рэдакцыі раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”. Гэта нешматлікая пярвічка, аднак усяго за два гады яна пры падтрымцы арганізавала і правяла некалькі маштабных праектаў: творчы конкурс “Прысвячаю, люблю, берагу…”, фотаконкурсы “Самы дружны 11-ы клас”, “Імгненні дзяцінства”, “Міс восень” і іншыя.

Хутка павялічваецца колькасць, а з ёй і патэнцыял пярвічкі ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, за два гады з 44 чалавек яна вырасла да 119. Актыўная дзейнасць пярвічкі стала магчымай дзякуючы рабоце старшыні Анастасіі Шляжко.

Асаблівая ўвага юбілярам і пенсіянерам – гэта своеасаблівы стыль работы пярвічнай арганізацыі ААТ “Горталь”, якая налічвае сёння 26 чалавек. Інітыятыўныя лідары знайшліся ў пярвічках ДУА “Волькаўская СШ”, УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, Івацэвіцкага райвыканкама, а таму актывістаў тут становіцца год ад году больш. Першыя памочнікі ў самых розных мерапрыемствах пярвічкі ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, УП “Івацэвіцкае ПМС”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, ДЛГУ “Целяханскі лясгас”.

Раённую арганізацыю РГА “Белая Русь” у лічбах дакладна прадставіла падчас выступлення Марыя Люндышава, старшыня Косаўскага гарвыканкама і член кантрольна-рэвізійнай камісіі арганізацыі. Так, за справаздачны перыяд прайшло 31 пасяджэнне савета і 42 пасяджэння Прэзідыума савета раённай арганізацыі, і прысвечаныя яны былі падрыхтоўцы да мерапрыемстваў пад эгідай “Белай Русі”. З гэты час даходы (членскія ўзносы) арганізацыі склалі больш за 20 тысяч рублёў. З іх большая частка сумы – 20,8 працэнта была накіраваная на культурна-масавую работу, 9,7 працэнта сродкаў – пайшлі на спартыўна-аздараўленчую работу, 6,5 працэнта ад сумы – гэта прэміі прафактыву, яшчэ 30 працэнтаў сродкаў накіраваныя ў абласны і рэспубліканскія саветы.

Адно з важных пытанняў на павестцы дня канферэнцыі – абранне дэлегатаў на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю РГА “Белая Русь”, якая пройдзе ў ліпені. Хутка будзе паездка ў Брэст, а значыць, будуць новыя ўражанні, задачы, ідэі і магчымасці.

Хвалюючы і прыемны момант канферэнцыі – ушанаванне кіраўнікоў лепшых пярвічных арганізацый раёна. Граматы, а таксама каштоўныя падарункі з рук раённага лідара ў той дзень атрымалі кіраўнікі пярвічных арганізацый Івацэвіцкага райвыканкама, ДУ “Івацэвіцкі ТЦСАН”, УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, ДЛГУ “Целяханскі лясгас”, рэдакцыя газеты “Івацэвіцкі веснік”, УП “Івацэвіцкае ПМС”, Лістамі падзякі і таксама падарункамі адзначылі ў той дзень пярвічныя арганізацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Косаўскага гарвыканкама, ААТ “Косаўскае МВА”, ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, Ліцэй Івацэвіцкага раёна ”, ДУА “Быценская СШ”, ДУА “Косаўская СШ”, ДУА “Любішчыцкая СШ”, ДУА “Стайкаўская СШ”, УА “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”, ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей”.

У завяршэнні сустрэчы артысты Івацэвіцкага ГДК падарылі дэлегатам некалькі творчых нумароў. Гэта дадало настрою і натхнення на новыя маленькія подзвігі, якія можна здзяйсняць штодзень у складзе такой моцнай грамадскай арганізацыі, як “Белая Русь”.

Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2008 - 2017
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*