18 мая 2017

Зорачка на небе засвяцілася – новы чалавечак нарадзіўся

15 мая, якраз у Дзень сям’і, дэсант грамадскіх актывістаў у складзе

старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Людмілы Чэбан і члена Савета Юліі Яцко, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Веры Цяліцы, старшыні раённай арганізацыі Фонда міру Марыны Грыбун, старшыні раённага Савета ветэранаў Уладзіміра Развадоўскага, начальніка раённага аддзела ЗАГС Таццяны Баранавай, першага сакратара РА ГА “БРСМ” Элы Ждановіч наведаліся ў радзільнае аддзяленне Глыбоцкай райбальніцы.

Традыцыйна, у рамках акцыі “Белая Русь -- з любоўю да дзяцей” яны прыехалі павіншаваць і ўручыць падарункі маладым матулям, якія нарадзілі дзетак у святочныя дні мая.

Надзея Каснікоўская з вёскі Вялец нарадзіла першае дзіця якраз у Дзень Перамогі 9 мая, а таму і не дзіўна, што любімую дачушку бацькі назавуць Вікторыяй. У гэты ж дзень пад святочныя залпы салюта нарадзіла дачушку глыбачанка Ілона Цяліца. Маленькая Ксенія стала сотым, юбілейным, па ліку дзіцяці, якое нарадзілася сёлета ў раёне, а таму ў бацькоў, у маладых і прыгожых бабуляў і дзядуляў, у маі адразу тры нагоды для віншаванняў. 10 мая ўрачы прянялі таксама двое родаў: Анастасія Дудзінская з Глыбокага нарадзіла першынца-сыночка, якога назвала Міраславам, а Вольга Сецко – дачушку Ксенію. Усе жанчыны прыкметна хваляваліся і ў той жа час радаваліся, атрымаўшы столькі падарункаў, шчырых цёплых мудрых віншаванняў і ўвагі.

- Сёлета ў снежні служба ЗАГСа краіны адзначае стагоддзе з дня свайго заснавання, а тут такая нагода ў раёне – сотае нараджэнне. Я прапаную правесці яго ўрачыстую рэгістрацыю. Мерапрыемства стане лепшай рэкламай для маладых сем’яў, якія ажаніліся, не маюць дзетак, але павінны паспяшацца ўмацаваць і працягнуць свой род, -- сказала Таццяна Баранава.

- Жадаем, каб дзеткі раслі здаровымі, каб былі актыўнымі, разумнымі, каб выраслі людзьмі, годнымі павагі, каб сваёй працай праслаўлялі нашу Глыбоччыну і былі яе гонарам….Няхай пануе мір у сем’ях, мір у краіне і на планеце, -- такім была галоўная сутнасць усіх віншаванняў, што прагучалі ў той дзень.

У знак падзякі за нялёгкую працу Людміла Чэбан ўручыла галоўнаму ўрачу УАЗ “Глыбоцкая ЦРБ” Вячаславу Сабынічу салодкі падарунак, пажадала калектыву аддзялення плёну ў працы, шчасця ў сем’ях, прыгожых мар, якія абавязкова стануць рэальнасцю.

--Мы ўдзячны вам, паважаныя грамадскія дзеячы, за праводзімую акцыю, за ўвагу да жанчын-маці, за павагу працы медыцынскіх работнікаў і заўсёды рады бачыць вас у радзільным аддзяленні і ў якасці пацыентаў, і ў якасці паважаных гасцей, -- сказаў Вячаслаў Вячаслававіч.

Галіна СУТУЛА.


Комментарии

Информационный центр

© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2008 - 2017
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*