13 марта 2018

Жанчына года Уздзеншчыны

“Жанчына-легенда” – Тамара Аляксандраўна ЖЫГАЛКОВІЧ

“Жанчына ў бізнесе” – Анжэла Пятроўна МАХНАЧ

“За лідарства і паспяховае кіраванне” – Вера Мікалаеўна БАРЫСЕВІЧ

“Маладзёжны лідар” – Аляксандра Мікалаеўна СЕРАЯ

“Жаночая мужнасць” – Святлана Паўлаўна НАЗАРАНКА

“Ратуючы жыцці” – Галіна Яўгеньеўна КІБ

“За актыўную грамадскую дзейнасць” – Кацярына Паўлаўна БУЛКА

“За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры” – Тамара Пятроўна ЛУХВЕРЧЫК

“За выхаванне дзяцей і моладзі” – Алёна Яўгеньеўна ЯЎСЮК

“За вернасць і адданасць прафесіі” – Рамуальда Іванаўна НЯМЧОНАК

Такім жанчынам пад сілу ўсё…

Гэтыя словы сталі своеасаблівым лейтматывам урачыстага мерапрыемства, якое сабрала пад купалам Палаца культуры лепшых прадстаўніц прыгожай паловы Уздзеншчыны – пераможцаў раённага конкурсу “Жанчына года-2017”. І гучалі гэтыя словы пераважна з вуснаў мужчын.

З ініцыятывай расказаць пра ролю жанчын у сучасным грамадстве, іх уклад у здароўе нацыі, выхаванне дзяцей, сацыяльна-эканамічнае, навуковае і гуманітарна-культурнае развіццё раёна выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і БРСМ. Усяго на конкурс было пададзена каля 30 заявак. Аднак у фінал прайшлі толькі дзесяць удзельніц. Паміж імі і былі размеркаваны вызначаныя арганізатарамі намінацыі.

Да апошняй хвіліны захоўвалася інтрыга: хто з жанчын-удзельніц і ў якой намінацыі вызначыліся. Права павіншаваць прысутных у зале дам з надыходзячым святам 8 Сакавіка і ўручыць заслужаныя ўзнагароды пераможцам конкурсу прадаставілі старшыні райвыканкама Сяргею Савіцкаму, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыю Лобачу, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ігару Пятровічу, настаяцелю храма Святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэю Грыгорыю Чарапеннікаву, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзіміру Казючыцу.

Чаго жадалі мужчыны? Вядома ж, здароўя, кахання, сямейнага дабрабыту, усмешак, плённай і паспяховай працы і, галоўнае, надалей заставацца такім ж апантанымі, акрыленымі, гатовымі пакараць новыя вышыні.

Біяграфія кожнай з фіналістак конкурсу дастойная таго, каб залатымі літарамі быць упісанай у летапіс Уздзеншчыны. Сапраўды, у іх жыцці шмат яркіх і цікавых старонак. Якіх? Зараз раскажам.

Імя Тамары Аляксандраўны Жыгалковіч добра вядома жыхарам раёна, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Сваю працоўную дзейнасць гэта жанчына пачынала тэхнікам па нарміраванні ў калгасе “Зарэчча”, які пасля і ўзначаліся ў 1987 годзе. На гады яе кіраўніцтва прыйшоўся і росквіт гэтай гаспадаркі, пры яе ўдзеле былі пабудаваны аб’екты сацыяльна-культурна-бытавога прызначэння. На заслужаны адпачынак Тамара Аляксандраўна пайшла ўжо з пасады старшыні райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У гэтай жанчыны адкрытае сэрца. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу ў рэалізацыі раённых мерапрыемстваў і дабрачынных праектаў. Разам з тым, Анжэла Пятроўна Махнач – жанчына, для якой бізнес – гэта магчымасць рэалізаваць сябе, атрымліваць задавальненне ад любімай справы, пастаянна даведвацца што-небудзь новае, а значыць – рухацца толькі наперад.

А вось Веру Мікалаеўну Барысевіч інакш як жанчынай-кіраўніком і не назавеш. Яна курыруе пытанні эканамічнага развіцця раёна, прамысловасці, арганізоўвае работу з кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў .устаноў усяго раёна, спалучаючы патрабавальнасць з аказаннем практычнай дапамогі. Асаблівую ўвагу скіроўвае на пошук новых шляхоў і форм кіравання, якія дазволяць павялічыць аб’ёмы вытворчасці, палепшыць яе эфектыўнасць і якасць.

Гэта дзяўчына яшчэ да ўступленя ў рады БРСМ вызначалася актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. І сёння Аляксандра Мікалаеўна Серая ў эпіцэнтры маладзёжнага жыцця раёна. У яе асобе спалучаюцца валанцёр, мастацкі кіраўнік харэаграфічнага гуртка “New stile”, кіраўнік аб’яднання па інстарэсах “Натхненне” ў ліцэі.

За час прахожання службы ў органах унутранных спраў (а адлік яе ідзе з 1991 года) гэта жанчына зарэкамендавала сябе толькі са станоўчага боку. На яе рахунку шматлікія ўзнагароды і падзячныя пісьмы. З 2001 года Святлана Паўлаўна Назаранка з’яўляецца начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС і са службовымі абавязкамі спраўляецца на выдатна.

Працоўны стаж Галіны Яўгеньеўны Кіб налічвае больш як 36 гадоў. Гэта прафесіянал сваёй справы, які ў любы момант незалежна ад таго, што адбываецца дома, заўсёды прыйдзе на дапамогу. І сёння яна працуе ў санаторнай школе-інтэрнаце на карысць нашага раёна, робячы падрастаючае пакаленне здаровым.

Гэта жанчына пачынала сваю працоўную дзейнасць у творчай камандзе і вучылася ў старэйшых калег. Разумела: музейны работнік – гэта, перш за ўсё, прызванне, любоў і адданасць прафесіі. І цяпер работа для Тамары Пятроўны Лухверчык – лад жыцця.

Прафсаюзны работнік, актывістка і проста прыгожая жанчына, якая жыве па прынцыпе “Пакажы прыклад іншым”. Усё гэта – урач-педыятр райбальніцы Кацярына Паўлаўна Булка.

На працягу 10 гадоў Дзешчанская школа з’яўляецца апорнай пляцоўкай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі для правядзення семінараў-практыкумаў для начальнікаў аддзелаў адукацыі нашай краіны. А кіруе гэтым караблём педагог з 34-гадовым стажам – Рамуальда Іванаўна Нямчонак.

Не менш вопытным педагогам з’яўляецца і дырэктар сельскагаспадарчага ліцэя Алёна Яўгеньеўна Яўсюк, на рахунку якой граматы за плённую работу па развіцці сферы адукацыі Мінскай вобласці.

Аднак не толькі працай жывуць гэтыя жанчыны. Самае галоўнае іх прызначэнне – захоўваць сям’ю, дарыць цеплыню сваіх сэрцаў родным і блізкім, падкідваць у сямейны ачаг бясцэннае паліва дабрыні і любові. І, вядома ж, ва ўсім і заўсёды заставацца жанчынай. Жанчынай з вялікай літары.

Юрый ЛОБАЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

– Няма такой сферы, дзе б сёння не працавалі жанчыны. Яны аднолькава паспяхова рэалізуюцца ў розных прафесіях, але пры гэтым застаюцца любячымі маці і жонкамі. А ўсмешкі на жаночых тварах – гэта паказчык шчасця. Таму не дзіўна, што для шчаслівай жанчыны няма нічога немагчымага. Я схіляюся перад вашай сілай, настойлівасцю і ўменнем ствараць дома камфорт і ўтульнасць. Здароўя вам, шчасця, здзяснення ўсіх мараў і жаданняў!

Ігар ПЯТРОВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Кожная жанчына здольна на подзвіг. І прысутныя ў зале жанчыны – яскравае таму пацвярджнне. У сваіх прафесіях – яны не проста лепшыя, яны гатовы даць фору нават і нам, мужчынам. Разам з тым, без іх наша жыццё не было б такім светлым і радасным. Жанчыны дораць нам надзею, стымулюць на высакародныя ўчынкі. Дзеля іх і дзеля дзяцей і мы гатовы пакараць гарызонты. Таму жадаю ўсім жанчынам і надалей заставацца такімі, якімі яны ёсць!

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)


Комментарии

Информационный центр

Скидки членам «Белой Руси» - от аквапарка «Фристайл»
© Республиканское общественное объединение «Белая Русь»  2007 - 2018 
Дизайн и программирование — Разработка сайта — Astronim*